ЭКАЛО́ГІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
інтэграцыйная навука, якая спалучае два розныя падыходы да вывучэння экалагічных і сацыяльных аб’ектаў. Яе зыходная тэарэт. крыніца — ідэі экалогіі і сацыяэкалогіі, сфармуляваныя і развітыя Э.Гекелем і інш. вучонымі на працягу 1860—1930-х г., а таксама канцэпцыя наасферы, якую распрацоўвалі У.І.Вярнадскі, П.Тэяр дэ Шардэн і інш. Станаўленне як самаст. галіны сацыялагічных ведаў звязана з даследаваннямі навакольнага асяроддзя Р.Данлэпа і У.Кэтана. Асн. задачы Э.с.: вывучэнне экстрэмальных сітуацый, што ўзнікаюць у выніку парушэння раўнавагі ва ўзаемадзеянні грамадства з прыродай; высвятленне антрапагенных, тэхнал. і сац. фактараў іх узнікнення; адшуканне аптымальных шляхоў і сродкаў пераадольвання іх разбуральных наступстваў. Мэта Э.с. — ажыццяўленне тэарэт. сінтэзу прырода- і грамадазнаўчых ведаў, канцэпцый, метадаў даследавання і распрацоўка на іх аснове канцэптуальнай мадэлі ўзаемадзеяння чалавечай супольнасці і прыроды, якія б дазволілі аптымізаваць, а затым і гарманізаваць працэсы гэтага ўзаемадзеяння. Вывучае структуру, асаблівасці і тэндэнцыі функцыянавання аб’ектаў штучна створанага чалавекам прадметнага асяроддзя, якія ўзаемадзейнічаюць з навакольным прыродным асяроддзем. Аб’ект Э.с. — складаная сістэма сацыяпрыродных адносін і ўзаемадзеяння, што фарміруецца і функцыянуе ў выніку свядомай, мэтанакіраванай дзейнасці людзей, аб’яднаных у розныя сац. супольнасці. Э.с. даследуе спецыфічныя ўзаемадзеянні чалавека (грамадства) і навакольнага асяроддзя, уплыў апошняга як сукупнасці прыродных і грамадскіх фактараў на чалавека, а таксама ўплыў чалавека на навакольнае асяроддзе з пазіцыі выяўлення рэгіянальных і глабальных змен асяроддзя антрапагеннага паходжання і іх сацыякультурнай інтэрпрэтацыі, праблемы захавання і ўзнаўлення навакольнага асяроддзя для нармальнага жыцця чалавека як сацыябіял. істоты. Э.с. вывучае таксама розныя экалагічныя рухі, іх сац. структуру, ступені іх уплыву ў грамадстве, даследуе сац.-экалагічныя канфлікты, спецыфіку экалагічнай свядомасці, экалагічнай культуры і да т.п.
Літ.:
Сосунова И.А. Социальная экология. М., 1996.
Я.М.Бабосаў.
т. 18, кн. 1, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)